Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

Следчыя і парламентарыі абмеркавалі ўдасканаленне канстытуцыйных нормаў

17.11.2020
Следчы камітэт 16 лістапада 2020 года стаў дыялогавай пляцоўкай, прысвечанай удасканаленню канстытуцыйных нормаў, якая аб'яднала прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прафесарска-педагагічнага складу Інстытута Следчага камітэта, членаў грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў» і грамадскага аб'яднання следчых горада Мінска.

Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Аляксей Ягораў і член гэтай камісіі Людміла Жалнерчык.

Ва ўступным слове Старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч адзначыў актуальнасць узнятых пытанняў удасканалення Асноўнага Закона краіны, зацікаўленасць супрацоўнікаў следчых падраздзяленняў ва ўдзеле ў дадзеным працэсе, а таксама падзякаваў арганізатарам за магчымасць правядзення такога абмеркавання.

У рамках мерапрыемства з дакладамі выступілі прадстаўнікі Інстытута Следчага камітэта, якія выказалі неабходнасць замацавання канстытуцыйнага статусу Следчага камітэта, паколькі ён з'яўляецца самастойным праваахоўным органам, займае адасобленае, спецыфічнае становішча ў сістэме дзяржаўных органаў і валодае асаблівым прававым статусам.

У ходзе абмеркаванняў удзельнікамі дыскусіі звернута ўвага на неабходнасць узмацнення канстытуцыйнай абароны інстытутаў сям'і і шлюбу, інтарэсаў дзяцей. Таксама закранута тэма развіцця гісторыка-культурнай самаідэнтыфікацыі беларускага народа, для чаго была агучана прапанова ўскласці на дзяржаву абавязак забяспечваць абарону гістарычнай праўды, культурнай самаідэнтыфікацыі беларускай нацыі і захаваць гісторыка-культурную спадчыну беларусаў.

Праведзенае мерапрыемства стала актуальнай пляцоўкай па абмену думкамі не толькі ў сферы канстытуцыйнай рэформы, але і абмеркавання сучасных тэндэнцый юрыдычнай навукі і практыкі. Яно дазволіла акцэнтаваць увагу на месцы органаў папярэдняга следства ў сістэме нацыянальнай бяспекі, прапанаваць эфектыўныя прылады абароны асобы, грамадства і дзяржавы.


У завяршэнне мерапрыемства Іван Наскевіч ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў пагоны супрацоўнікам, якім былі прысвоены чарговыя спецыяльныя званні.